Мой кошык Кошык пусты Кошык пусты
Кошык пусты
Увайсьцi ў кошык

Мілаш Чэслаў

Чэслаў Мілаш — сусьветна вядомы польскі пісьменьнік, эсэісты, перакладчык «вялікалітоўскага» паходжаньня. Нарадзіўся ў 1911 годзе на Віленшчыне. У міжваенны пэрыяд быў адным зь вядучых паэтаў віленскага згуртаваньня «Эagary». Падчас гітлераўскай акупацыі браў чынны ўдзел у польскім падпольным культурным жыцьці. У 1945–1950 гг. — на польскай дыпляматычнай службе, з 1951 г. на Захадзе. Пачынаючы з 1960 г. — выкладчык польскай і расійскай літаратуры ўва ўнівэрсытэце Бэрклі (ЗША). У паэзіі перажыў эвалюцыю ад праграмнага катастрафізму (зборнік «Паэма аб застыглым часе» (1933) і сымбалічна-эстэтычнага бачаньня сьвету («Тры зімы» (1936) праз іранічна-трагічнае бачаньне чалавечых лёсаў у часе вайны («Ацаленьне» (1945) да гістарыязафічнай і культурнай праблематыкі, у якой дамінантнай тэмай ёсьць канфрантацыя ўнівэрсальных маральных вартасьцяў з досьведам гістарычнага чалавека ХХ ст. У сваёй паэтычнай творчасьці, праграмна інтэлектуалізаванай, Мілаш апэлюе да розных традыцыяў (Т.С.Эліёт), а таксама польскай рамантычнай традыцыі (паэмы «Маральны трактат» (1948), «Паэтычны трактат» (1957); зборнікі вершаў «Горад без імя» (1969), «Дзе ўсходзіць сонца і куды яно заходзіць» (1974). Мілаш — аўтар шматлікіх эсэ: «Скуты розум» (1953), «Родная Эўропа» (1959), «Чалавек сярод скарпіёнаў» (1962, пра С.Бжазоўскага), «Зямля Ульра» (1977), «Сад навук» (1979). Напісаў раман-успамін «Даліна Ісы» (1959). Займаецца перакладамі эсэістыкі і паэзіі, асабліва англасаксонскай (ад Шэксьпіра ды Мільтана і да Эліёта і Р.Джэфэрса), кнігаў Сьвятога Пісьма, а таксама польскай паэзіі на ангельскую мову. У 1973 г. атрымаў прэмію польскага Пэн-Клюбу, у 1980 — Нобэлеўскую прэмію. Апрача гэта, Мілаш — ляўрэат прэміяў Guggenheim Fellowship (1976), Neustadt Prize (1978), National Medal for the Arts (1989). Яму была нададзена годнасьць ганаровага грамадзяніна Летувы і места Кракава. У 1998 годзе Чэслаў Мілаш стаўся ляўрэатам прэстыжнай польскай літаратурнай прэміі «Nike» за томік «Прыдарожны сабачка» (урывак зь яе быў перакладзены Юрасём Бушляковым і апублікаваны ў 1998 годзе ў газэце «Наша Ніва»). Гэтая кніга таксама была прызнаная найлепшай у польскай літаратурыза за 1997 год. Урачыстасьць уручэньня літаратурнай прэміі «Nike» Мілашу адбылася ў варшаўскіх Лазенках. Яе грашовая частка склала прыкладна 20 000 USD. У апошнія гады выйшлі таксама кнігі Мілаша «Inne abecadщo», «Widzenia nad Zatokа San Francisco», «Wyprawa w dwudziestolecie», «Abecadщo Miщosza». Шмат цікавай інфармацыі пра жыцьцё і творчасьць Мілаша можна знайсьці ў выданьнях: Aleksander Fiut, Czesщaw Miщosz: Rozmowy z Czesщawem Miщoszem (Krakуw, Wydawnictwo Literackie, 1981); Ewa Czarnecka, Czesщaw Miщosz: Podrуэny ъwiata: rozmowy z Czesщawem Miщoszem: komentarze (New York, Bicentential Publ. Corporation, 1983); Czesщaw Miщosz, Renata Gorczynska, Aleksander Fiut: Conversations With Czesщaw Miщosz / by Ewa Czarnecka and Aleksander Fiut; transl. by Richard Lourie (San Diego; London [etc.]: Harcourt Brace Jovanovich, 1987). Поўную бібліяграфію твораў Чэслава Мілаша (паэзія, проза, эсэістыка, пераклады на асноўныя эўрапейскія мовы) можна знайсьці на інтэрнэтавай старонцы http://www.wbp.krakow.pl/ bibliografie/milosz/. У колах польскай багемы лічыцца найлепшым сярод жывых польскіх пісьменьнікаў. Беларускі пераклад кнігі роздумаў Мілаша над дэвальвацыяй этыка-маральных вартасьцяў у сучасным сьвеце — «Скуты розум» — выйшаў сёлета ў бібліятэцы «Фрагмэнтаў». (Фота: knihi.by)

Усяго твораў гэтага аўтара ў Кнігарні: 8