Мой кошык Кошык пусты Кошык пусты
Кошык пусты
Увайсьцi ў кошык

Пічэта Ўладзімер

Уладзімер Пічэта — беларускі і расейскі гісторык, адзін са стваральнікаў школы славяназнаўства ў СССР. Нарадзіўся ў 1878 г. у Палтаве ў сэрбска-ўкраінскай сям’і. Скончыў Маскоўскі ўнівэрсытэт (1901). У далейшым займаўся выкладчыцкай дзейнасьцю ва Ўкраіне і Расеі. Яшчэ да рэвалюцыі атрымалі вядомасьць ягоныя працы па сацыяльнай і палітычнай гісторыі ВКЛ. Абароненая ў 1918 г. у Маскоўскім унівэрсытэце доктарская дысэртацыя Пічэты была прысьвечаная аграрнай рэформе Жыгімонта Аўгуста («валочнай памеры» 1557 г.). Прафэсійныя зацікаўленьні зблізілі Пічэту яшчэ ў Маскве зь беларускім нацыянальным рухам, і ён стаў адным са стваральнікаў і старшынёй управы Беларускага Навукова-Культурнага Таварыства (1918—1919). У 1921 г. быў запрошаны ўрадам БССР на працу ў Менск і як кампрамісная фігура  прызначаны  першым  рэктарам  БДУ.  У  гады  рэктарства  Пічэты (1921—1929) адбылося станаўленьне ўнівэрсытэту як навуковай і вышэйшай навучальнай установы. 1920-я гады былі для яго таксама найбольш плённымі навукова. Пад ягоным навуковым кіраўніцтвам узьнікла цэлая генэрацыя беларускіх гісторыкаў, потым, праўда, рэпрэсаваная. Арыштаваны ў 1930 г. па «справе гісторыкаў» (Ленінград — Масква). СНК БССР пасьпяшаўся пазбавіць Пічэту званьня акадэміка. У 1931 г. быў сасланы на 5 гадоў у Вятку. У 1934 г. месца ссылкі заменена на Варонеж, дзе Пічэта працаваў у Пэдагагічным інстытуце. У 1935 г. яму дазволілі жыць у Маскве. У гэты пэрыяд Пічэта як навуковец разьвіваў менавіта славістычны кірунак. У 1946 г. стаў адным з заснавальнікаў і намесьнікам дырэктара Інстытуту славяназнаўства АН СССР. Памёр у 1947 г. у Маскве. Ужо пасьля сьмерці гісторыка былі выдадзеныя ды перавыдадзеныя ягоныя клясычныя працы «Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве» і «Белоруссия и Литва в XV—XVI вв.». Значная частка спадчыны 1930-х гадоў так і засталася неапублікаванай.

(Фота: wikipedia.org)

Усяго твораў гэтага аўтара ў Кнігарні: 13