Мой кошык Кошык пусты Кошык пусты
Кошык пусты
Увайсьцi ў кошык

Навіны

Гарачыя выдавецкія навінкі ў Маладзечне

13.01.2017

У нядзелю, 15 студзеня, у Маладзечне адбудзецца прэзентацыя гарачых выдавецкіх навінак.
 
Гвозд праграмы — прэзентацыя кнігі нямецкага гісторыка Томаса Урбана "Катынь, 1940 год. Гісторыя аднаго злачынства"
 
Катынская трагедыя пазбавіла жыцця тысячы польскіх афіцэраў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі. У той час як іх сем’і марна шукалі сляды загінулых, Савецкі Саюз і нацысцкая Германія пачалі прапагандысцкую вайну, абвінавачваючы адзін другога. 
 
Томас Урбан рэканструюе падзеі Катынскага злачынства і спробы схаваць яго сляды, а таксама распавядае гісторыю пасляваенных і сучасных міждзяржаўных дачыненняў, у якіх Катынь па-ранейшаму адыгрывае вялікую ролю.
 
 Таксама будуць прадстаўлены наступныя тэматычныя выпускі часопіса "ARCHE":
 
"Род Сапегаў". У цэнтры ўвагі аўтараў тэматычнага нумару "Род Сапегаў", гісторыкаў з Беларусі, Літвы і Польшчы, апынуліся як лёсы яго выбітных прадстаўнікоў (Казіміра Нестара Сапегі, Аляксандра Дажбога Сапегі, Паўла Сапегі, Яна Станіслава Сапегі і г.д.), так і іх роля ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, у прыватнасці, унутранай і знешняй палітыцы гэтай дзяржавы.
 
 
 
 
 
 
"Гісторыя старажытнага Наваградка". Нумар прысвечаны старажытнай гісторыі Наваградка і, шырэй, Наваградчыны. Яго аснову складаюць пераклады на беларускую мову трох манаграфіяў — “Літоўская этнічная мяжа на ўсходзе ад племянной эпохі да ХVІ стагодзьдзя” (Познань, 1981) Ежы Ахманскага, “Новагародак, некалі каралеўскі горад князёў новагародскіх…” (Львоў, 1759) Юзафа Пажоўскага і “Абрад Дзядоў у дакумэнтах і цыклі Міцкевіча” Гражыны Харытанюк-Міхей (Варшава, 2012).
 
 
 
 
 
"Князі Радзівілы". Гэты нумар узбагачае нашы веды пра славуты магнацкі род Радзівілаў. У ім асвятляюцца асабісты лёсы яго найбольш выбітных прадстаўнікоў (Мікалая Мікалаевіча Радзівіла, Барбары Радзівіл, Мікалая Радзівіла Рудога, Крыштафа Радзівіла Перуна, Жыгімонта Караля Радзівіла, Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, Януша і Багуслава Радзівілаў, Гераніма Флярыяна Радзівіла, Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі), іх вайсковыя чыны, двары і рэзыдэнцыі, уладаньні і палацы, а таксама барацьба за дамінаваньне ў Вялікім Княстве Літоўскім.
 
 
 
 
 
"Заходняя Беларусь. Міжваенны перыяд". Нумар прысвечаны гісторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны час (1921—1939 гг). У ім разглядаюцца палітычныя праекты, рэгіянальныя цэнтры нацыянальнага руху, прэса, дзейнасьць навуковых устаноў, сацыяльныя канфліты, а таксама штодзённае жыцьцё насельнікаў вёсак і мястэчак.
 
 
 
 
 
 
Сяргей Пясецкі. "Жыццё раззброенага чалавека". Асноўнае дзеяньне адбываецца на тэрыторыі міжваеннае Заходняе Беларусі – у Вільні, Лідзе, Баранавічах, Маладэчне, Берасьці, а таксама ў заходнебеларускіх вёсках і мястэчках. Раман расказвае пра небясьпечныя й поўныя інтрыг, часам крымінальныя, а часам сэксуальныя прыгоды дэмабілізаванага добраахвотніка польскага войска Міхала Лубеня. Прыехаўшы зь Менску ў Вільню, ён адчувае сябе кінутым на сваволю лёсу. Пасьля доўгіх і няўдалых спробаў уладкавацца на працу Лубень выбірае працу натурніка ў падпольнай віленскай порнастудыі. Калі ж і гэтая праца перастае яго маар'яльна задавальняць, ён становіцца ўдзельнікам крымінальнае банды, што займаецца вырабам і продажам фальшывых чэкаў амэрыканскіх банкаў. Хоць напачатку гэтая дзейнасьць прыносіць Міхалу Лубеню неверагодны даход, урэшце яна прыводзіць яго ў віленскую турму. Апісаньне побыту вязьняў віленскае турмы, калярытныя вобразы заходнебеларускіх габрэяў і сялян, якія, як адмыслова падкрэслівае аўтар, гавораць сакавітай беларускай мовай – таксама адметны элемэнт гэтага твору. Выданьне аздобленае рэдкімі фатаздымкамі Вільні пачатку XX ст., а таксама ўзорамі тагачаснага эратычнага фотамастацтва.
 
Зойдзе размова і пра кнігі:
 
Уздым Літвы: паганская імперыя ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, 1295—1345 / Стэфан Крыстафер Роўэл; пераклад з англійскай мовы Алеся Мікуса. — Мінск: Медысонт, 2015. — 423 с.
 
У даследаванні паказваецца, як Вялікае Княства Літоўскае ўпершыню набыло вагу на міжнароднай арэне. Разглядаецца шлях Літвы да велічы пад уладай Гедыміна, а таксама закранаюцца дасягненні яго папярэдніка і брата Віценя (1295—1315) і яго выбранага наступніка Яўнута (1342—1345). Найбольшая ўвага надаецца таму, як Вялікае Княства выкарыстоўвала вайсковыя і палітычныя слабасці суседзяў, маніпулявала канфесійнымі межамі каталіцтва ў Прыбалтыцы і праваслаўя на Русі, а таксама яго дыпламатыя ў адносінах з замежнымі ўладарамі, якія былі гатовыя як выступіць разам з паганамі-літоўцамі (і жаніцца з паганскімі князёўнамі), так і падтрымліваць крыжовыя паходы супраць іх.
 
Каралі і пешкі: калабарацыя ў Беларусі ў час Другой сусветнай вайны / Леанід Рэйн; пераклад з англійскай мовы Вольфа Рубінчыка. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 443 с.
 
У гэтай кнізе разглядаецца адносна мала даследаваная з’ява перыяду Другой сусветнай вайны — калабарацыя мясцовага насельніцтва Беларусі з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Зроблена спроба прааналізаваць калабарацыю як з’яву. Аналіз калабарацыі выяўляе таксама матывы паводзінаў людзей і рэакцыю грамадства, якое апынулася ў экстрэмальным, ненармальным становішчы.
 
                    * * * * * * * * * * * * * * * * * * * * * * * * 
 
 
Сустрэча пачнецца 15 студзеня ў гасцёўні на Чыстай, 26 а 18:00.
 
Даведкі па тэлефоне +375 29 550 79 69.